Якуб Колас і Янка Купала

Купала і Колас
Раптоўна
Адчуеш свабодна зусім—
                Не толькі радком загалоўным—
Ты ўсім абавязаны ім.
Рыгор Семашкевіч

Нарадзіўся новы дзень, сагрэў сваёй цеплынёй усё наваколле, аблашчыў праменьчыкамі кожны лісточак, кожную кветачку. Лясы, палі, гаі—усё ажыло. Дзве птушкі ўстрапянуліся над зямлёй і пачалі сваімі спевамі абуджаць сэрцы людзей ад сцюжы, растапліваць лёд у душах, заклікаць да свабоды, шчаслівага жыцця.
Купала і Колас—тытаны беларускай літаратуры, якія шмат зрабілі ў галіне культуры Беларусі. Вуснамі паэтаў загаварыла сама Беларусь, багатая духоўна, таленавітая, але  прыніжаная, не прызнаная як нацыя, Беларусь, якая ў рэвалюцыі, у барацьбе за права “людзьмі звацца” бачыла свой светлы заўтрашні дзень.
Купала  рана зразумеў, што ўсякі ўціск над асобай— злачынства, і, нібы той казачны асілак, усё жыццё змагаўся з сіламі зла і прыгнёту, з крыўдай і несправядлівасцю, таксама з рознымі парушэннямі глыбінных законаў жыцця.
“Я мужык, беларус,—пан сахі і касы…”—так называў сябе Я.Купала. Ён, будучы выразнікам  душы народа, выплёскваў у сваіх творах тое, што набалела на сэрцы беларуса, рабіў усё для таго, каб мы ўспрымалі сябе асобнай нацыяй, якая мае права на шчасце, і заклікаў да барацьбы за незалежнасць, светлую будучыню. Яго вершы ўскалыхнулі народ, што ад стомы і цяжару жыцця схіліў галаву. Горда і сцвярджальна прагучалі словы:
—А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
—Беларусы…
—А чаго ж, чаго захацелася ім,
Пагарджаным век, ім сляпым, глухім?
—Людзьмі звацца!
   Герой Коласа таксама актыўны, свядома імкнецца змяніць несправядлівы жыццёвы парадак, бо ў ім абуджаецца пачуццё асобы, усведамленне сваёй сілы, годнасці, таму паўстае як змагар за лепшую долю:
Я—мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
“Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”
Верш “Мужык”
    Купалаўскі герой адчувае адзінства свайго лёсу і прыроды, у ім жыве пачуццё “сына міру”. У разрыве з прыродай, гвалтоўных адносінах да яе, у імкненні эгаістычна прысвоіць сабе яе багацце і прыгажосць, караніцца, на думку паэта, злачынства, за якое чалавеку давядзецца адказваць. З гэтай трагедыяй маё пакаленне ўжо  сутыкнулася: з адсутнасцю чыстага паветра, крыштальнай вады, з лясоў зніклі звяры і некаторыя віды птушак, ды і самі лясы ў выглядзе каштоўнай сыравіны вывозяцца за мяжу.
    Я. Колас і Я. Купала нічога не выдумлялі.   Яны пісалі творы, што трывала абапіраліся на светаадчуванне, светаўспрыманне  народа, мараль, філасофію яго шматвяковага бытавання, бо выдатна ведалі жыццё беларуса, яго памкненні, ідэалы.
Як сапраўдныя патрыёты, любімыя сыны сваёй зямлі, нашчадкі продкаў-язычнікаў, вялікія песняры не маглі абмінуць у сваёй творчасці духоўных набыткаў беларусаў, такіх, як адухаўленне, ачалавечванне прыроды. Без апоры на гэту традыцыю, наўрад, ці здолеў бы Колас стварыць незабыўную пейзажную лірыку, якая ўяўляе адну з самых яркіх і бліскучых старонак беларускай паэзіі. У гэтым сэнсе ён з’яўляецца першапраходцам, бо ў яго паэзіі гучыць музыка сфер, так як гром, вецер, хмаркі, рэчка, поле, дрэвы, лес, сонца, месяц, многія іншыя з’явы прыроды ўяўляюцца жывымі істотамі, надзяляюцца чалавечымі якасцямі, схільнасцямі.
І сапраўды, як можа Зямля быць мёртвай, калі штогод яна абуджаецца ад сну і здольна нараджаць? Ды яна самая жывая сярод іншых жывых істот! Колькі сёння людзей, якіх мы лічым жывымі, з’яўляюцца бясплоднымі, не здольнымі пакінуць свой працяг на Зямлі. Гэта ганебная якасць зараз пераходзіць і на нашых хатніх любімцаў, у прыватнасці, кошак. Зямля ж пазбаўлена функцыі нараджаць толькі на выпаленых чалавечай рукой язвах-фурункулах, якія застаюцца на целе Зямлі пасля раскладзенага, напрыклад, намі вогнішча ў лесе ці выпаленай плямы   ўдабрэннямі. А якімі нечалавечымі сіламі павінна валодаць Зямля, каб кволенькай, танюсенькай, зялёненькай травінкай прабіць таўшчэзную глыбу асфальту, здольнага ўтрымліваць на сваіх магутных плячах нават 5-тонны беларускі МАЗ. І гэта мёртвая істота? А дрэвы, расліны?.. Хіба не даказана сёння нашымі вучонымі, што яны адчуваюць усе нашы намеры, добрыя і злыя. Толькі і зараз у школе настаўнікі вучаць нас, што назоўнікі: Зямля, дрэвы, кветкі— неадушаўлёныя прадметы і адказваюць на  пытанне што. Затое назоўнікі лялька і нябожчык лічацца адушаўлёнымі. Парадокс нейкі атрымліваецца!
Нездарма Купала і Колас абралі жыццесцвярджальныя псеўданімы: колас—хлеб, а значыць, мае здольнасць нараджаць, даваць жыццё і язычніцкае Купалле з прыгожай, неўміручай легендай пра папараць-кветку, якая надзяляе таго, хто яе сарве, моцнай, чароўнай сілай.
 Як Колас жадаў са сваімі вершамі-песнямі, нібыта духоўным хлебам, увайсці ў кожную сялянскую хату, каб, насыціўшы селяніна, паклікаць яго да барацьбы за свабоду, так і Купала   жадаў падарыць беларусу чароўную папараць-кветку як сімвал здзяйснення жаданняў, дабрабыту і здольнасці разумення ўсіх галасоў Сусвету.
Менавіта мне асабліва падабаюцца творы, напісаныя на аснове ці з выкарыстаннем паданняў, легенд, песень: трылогія “На ростанях” Коласа, паэмы “Курган”, “Сон на кургане”, “Магіла льва”, “Бандароўна” Купалы.
Многія сучасныя пісьменнікі (А.Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка і іншыя) з’яўляюцца прадаўжальнікамі традыцый Купалы і Коласа, бо ў  іх творчасці жыве неадольнае жаданне духоўна далучыцца да прыроды, адчуць хараство і сваю адказнасць за яе лёс. 
  Такім чынам, Купала і Колас пакінулі нам багацейшую спадчыну: стварылі разнажанравую класічную мастацкую літаратуру, у якой распрацаваны ўсе літаратурныя роды—лірыка, эпас, ліра-эпас, драма. Бацькамі літаратурнай нацыянальнай мовы беларуса лічацца таксама яны, бо мова была складзена на аснове мінска-маладзечанскіх гаворак і ўзбагацілася словамі з твораў Купалы і Коласа.
Многія іх вершы  сталі песнямі:
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
         Яны з’яўляюцца заснавальнікамі нацыянальнага тэатра. Нездарма ў паўночнай сталіцы Беларусі г. Віцебску  знаходзіцца тэатр імя Коласа, ў стольным г. Мінску—тэатр Купалы, дарэчы, а ў Пінску—тэатр Дуніна-Марцінкевіча. З незабыўнай п’есы “Паўлінка” пачаўся беларускі нацыянальны тэатр. А цяпер кожны сезон Купалаўскага тэатра адкрываецца менавіта п’есай  “Паўлінка”, што вельмі сімвалічна, бо першай выканаўцай ролі галоўнай гераіні была П. Мядзёлка, каханая дзяўчына аўтара камедыі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гераіня п’есы атрымала яе імя Паўлінка.  
Цікава, што з вуснаў Міхала, героя “Новай зямлі”, гучыць запаветная мара Коласа—мець зямлю і волю. Купала ж таксама дамагаўся незалежнасці краіны і імкнуўся, каб беларусы сталі “людзьмі звацца”. Толькі ў канцы 20 стагоддзя  запаветныя мроі-сны ўвасобіліся ў жыццё. Беларусь стала тэрытарыяльна і эканамічна незалежнай ад іншых дзяржаў, народ сам выбірае свой лёс і нават адной з нацыянальных моў лічыцца беларуская.  Толькі нашчадкі атрымалі тое, аб чым марылі бессмяротныя сыны Беларусі.
         Вось і атрымліваецца, што я ўсім абавязана Купалу і Коласу, бо нарадзілася на гэтай цудоўнай зямлі з прыгожай назвай Беларусь, якая валодае меладычнай, пяшчотнай мовай;  жыву ў мірнай, незалежнай краіне, якая клапоціцца сёння, каб я расла адукаванай, здаровай і ўсебакова развівала ў сабе творчыя задаткі, дадзеныя Богам.     
Купала і Колас—дзве яркія зоркі на беларускім небасхіле, якія паказалі бларускаму народу, што ён нічым не горшы за іншыя і мае права на месца пад сонцам.
Другое стагоддзе гучыць творцаў голас,
Бо талентаў мноства далі карані,
Заўсёды з народам Купала і Колас—
Дзве птушкі свабоды, любві, чысціні.


Комментариев нет:

Отправить комментарий