"Мне Свіцязь начамі сніцца..."

     Легенда сцвярджае, даўней на месцы возера Свіцязь быў вялікі горад. І вось здарылася так, што неяк у адзін дом зайшоў падарожны і папрасіўся, каб яго пакармілі. Але натрапіў чалавек на надта сквапную жанчыну, якая і сваім  есці шкадавала, не тое што чужым. Каб неяк выйсці з нязручнага становішча, гаспадыня вырашыла падмануць незнаёмага. Зрабіла ўсё вельмі проста — паклала яму ў торбу заместа хлеба камянёў.
    —Вось, болей нічога не маю.
    — Дзякуй і за гэта, — прамовіў чалавек. — Раз ты для мяне нічога не пашкадавала, то і я табе аддзячу.
    — Не трэба, чаго ўжо там, — пачала аднеквацца гаспадыня.
    — Ды не, вазьмі... — сказаў так і працягвае жанчыне клубок з ніткамі. Ідзі за мною і не аглядвайся, — адказвае чалавек. — Пайшлі хутчэй, толькі памятай, ні ў ніякім разе не азірайся.
    Жанчына ішла па горадзе, а за ёю набягала вада, якая заліла ўсё паселішча. Не ўтрымалася гаспадыня — усё ж азірнулася і адразу ператварылася ў камень. Ад клубка застаўся толькі канец ніткі.
    Аднойчы ля возера пастушкі пасвілі кароў. Адзін падлетак знайшоў канец ніткі і пачаў віць. Так наматаў ён цэлы клубок. І тут нечакана зірнуў хлапчук на возера — там стаяў велічны горад. Спалохаўся бедалага і шпурнуў клубок ад сябе, тады вада зноў вярнулася на ранейшае месца.
      Калі верыць паданню, так утварылася возера Свіцязь, авеянае вялікай колькасцю гісторый і легенд. Дзівоснай кропляй-брыльянтам ляжыць яно амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша, за 5-6 км ад в.Валеўка Гродзенскай вобласці. Хто бачыў яго аднойчы, не забудзецца пра яго чысцютка-празрыстыя воды, прыгожае акаймленне  прыбярэжнага  пяшчанага мелкаводдзя. Не пакіне раўнадушным велічнае абрамленне возера масіўным смарагдавым кальцом лесу кіламетровай шырыні, у якім выразна выдзяляюцца  магутныя дубы-гіганты, ствараючы таямнічую засень, цяністую прахалоду.
    Калі бачыш такую прыгажосць, міжволі ўзнікае пытанне: як мог ўтварыцца такі цуд?  Геолагі сцвярджаюць, што ўтварылася возера ў выніку правалу чацвярцічных адкладанняў у падземныя пустоты. Такая думка цалкам падцвярджаецца легендай, якую ў свой час выкарыстаў А.Міцкевіч у баладзе “Свіцязь”. Гордыя свіцязяне аддалі перавагу гібелі: па іх мальбе горад праваліўся ў бездань і пахаваў заваёўнікаў. Загінулі і самі жыхары горада, але пасля наноў адрадзіліся ў выглядзе кветак, што цудоўна ўпрыгожылі возера. Часам сцвярджаюць, нібыта і зараз можна ўбачыць у прадонні вулкі затопленага горада.
    Пра возера Свіцязь прыдумана столькі, што часам цяжка вызначыць, дзе праўда, дзе вымысел. Але ўжо не легендай можна назваць наяўнасць на возеры сапраўды дзівосных кветак, якія паэт назваў – цар-кветкі. Сапраўды, каля возера Свіцязь   можна сустрэць мноства рэліктавых раслін, якія па праву выглядаюць “па-царску”: наяда гнуткая, рэдкі прыбярэжнік аднакветкавы і інш. А яшчэ ёсць у возеры такія віды раслін, што сустракаюцца толькі на в.Ява. Рэдкі малюск, што жыве ў возеры Свіцязь сустракаецца толькі ў асобных азёрах Францыі, Бельгіі, Германіі.  А яшчэ лясы каля Свіцязі багатыя на чарніцы, брусніцы, суніцы. На тарфяных лугах можна сустрэць цікавую насякомаядную расліну – расянку круглалістую, а ў самым гушчары – рэдкую архідэю.      
     Само возера мае акруглую форму. Яго берагі на ўсім працягу нізкія, выкладзеныя пяском, зарослыя дрэвамі, на асобных участках заняты пляжамі. Здаецца, вось яно, прыдатнае для адпачынку месца, маляўнічае, утульнае. Вада ў Свіцязі, як у шклянцы, крыштальная, чыстая, уся свеціцца блакітам, аддаецца белым. Але павольна мелкаводдзе пераходзіць у ілісты схіл, што губляецца ў цёмнай глыбіні, якая  месцамі дасягае 15 м. А сама вада ў возеры прызнана вучонымі  мінералізаванай.  Ніводная рэчка не ўпадае ў Свіцязь (возера жывіцца толькі крыніцамі), а выцякае толькі адна – жвавенькая Сваротва. Пяшчотная і чулая, выцякае яна з возера, кожную раніцу спяваючы яму жаўруковую песеньку, кожны дзень радуючы сваёй шчабятлівай рухавасцю. Свіцязь у захапленні ад такога суседства: ловіць аблачынкі ў сваю гладзь, купае сонца ў сваёй купелі, узіраецца ў векавыя дрэвы, што атуляюць яе берагі.
   Таямнічымі гісторыямі і сваёй прыгажосцю возера прываблівае шматлікіх турыстаў, вандроўнікаў. Тут праводзяцца святы паэзіі і проста прыязджаюць на адпачынак наваградчане і іх госці. Глядзіш на возера, і здаецца: плывеш сам некуды ў вялікі свет і нясеш з сабой дзіўнае адчуванне злітнасці з прыродай, родным краем, яго гісторыяй, яго веліччу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий