Фразеалогія

Фразеалагізм мае шэраг вызначальных прыкмет: звышслоўнасць, узнаўляльнасць, семантычная непадзельнасць, устойлівасць.
         Звышслоўнасць выяўляецца ў складанай будове фразеалагізма. Асобнае знамянальнае слова не можа выступаць у якасці фразеалагінай адзінкі, фразеалагізм – не менш як двухкампанентная адзінка.
         Узнаўляльнасць абазначае, што фразеалагічныя адзінкі не ствараюцца ў працэсе маўлення, а запамінаюцца і пры неабходнасці ўзнаўляюцца як гатовыя. Напрыклад, сказаўшы з панталыку, абавязкова дададзім збіць (збіваць). Таму кампаненты фразеалагізмаў прадказальныя.
         Семантычная (сэнсавая) непадзельнасць заключаецца ў тым, што значэнне фразеалагізма не вынікае са значэння асабных яго слоў, яно выводзіцца з іх сэнсавага спалучэння. Цэласнасць значэння фразеалагізма дасягаецца поўным або частковым пераасэнсаваннем яго кампенентаў і найбольш поўна праяўляецца пры метафарызацыі свабодных словазлучэнняў такога ж складу. Напрыклад, немагчыма фразеалагізм браць на язык (‘асуджаць чые-небудзь недахопы’) растлумачыць праз выяўленне значэння слоў браць і язык.
         Устойліваць рэалізуецца праз пастаянства складу, непранікальнасць структуры фразеалагізма. Нельга замест кот наплакаў сказаць сабака наплакаў. Аднак у мове існуюць раўназначныя ўзаемазамяняльныя разнавіднасці (варыянты) фразеалагізмаў (на сёмым – на дзясятым-небе; кінуць камень- каменем-; рассыпацца дробным макам).
         Паводле граматычнай будовы вылучаюцца фразеалагізмы, якія маюць структуру словазлучэння (бліснуць вачамі; мамчына дачушка; цяжкая артылерыя) і структуру сказа (адкуль вецер дзьме; хмары згушчаюцца над галавой; душа баліць).
         Фразеалагізмы бываюць аманімічныя, сінанімічныя, антанімічныя.
Фразеалагізмы-амонімы адрозніваюцца паводле значэння, паходжання і спалучальнасці ў кантэксце. Напрыклад: выцягвацца ў нітку – ‘моцна худзець’ і выцягвацца ў нітку – ‘праяўляць стараннасць’; паставіць на ногі – ‘вылечыць’ і паставіць на ногі – ‘выгадаваць’; адным словам – ‘добры, варты ва ўсіх адносінах’ і адным словам – ‘карацей кажучы, завяршаючы сказанае’. Фразеалагічная аманімія з’яўляецца вынікам выпадковага супадзення кампанентаў.
         Фразеалагізмы-сінонімы маюць тоеснае або блізкае значэнне. Такія фразеалагізмы могуць адрознівацца адценнямі значэння, стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкай. Напрыклад, кніжны фразеалагізм курыць фіміям сінанімічны агульнаўжывальнаму ўзносіць да нябёс. Сінанімічныя фрезеалагізмы са значэннем ‘блізіцца да канца свайго жыцця’ з кірмашу ехаць і дыхаць на ладан адрозніваюцца мерай інтэнсіўнасці дзеяння.

         Фразеалагізмы-антонімы могуць супрацьпастаўляцца іх агульным значэннем: жабе па калена (‘нізкага росту’) – з каломенскую вярсту (‘высокага росту’); абое рабое (‘абсалютна аднолькавыя; вартыя адзін аднаго’) – з іншага цеста спечаны (‘розныя, непадобныя’). Супрацьлеглае значэнне могуць надаваць асобныя кампененты: цяжкая рука (‘пра таго, хто прыносіць няўдачу’) – лёгкая рука (‘пра таго, хто прыносіць шчасце, поспех’).

Комментариев нет:

Отправить комментарий