Кніга ў жыцці чалавека

                                                      Марыў калісьці славуты Скарына,
                                                    “Ціснучы” кнігу на мове бацькоў:
                                                  Простаму люду ў роднай краіне
 Зробяць даступнай ёй мудрасць вякоў.
Ніл Гілевіч. “Мара Скарыны”
  Трымаю ў руках кнігу. А некалі трымаў яе, першую, надрукаваную на славянскай мове, Францыск Скарына. І думаю, які доўгі і цяжкі шлях яна прайшла, колькі змен адбылося, але ж яе роля не змянілася, а засталася той жа: лячыць душы людзей, адпраўляць іх у вандраванні па цэламу Сусвету. Разгарнуўшы кнігу, я трапляю ў незвычайны, поўны дзівосаў свет, у хуткаплынную раку мудрага слова. І плыву па гэтай рацэ ў маленькай лодачцы, якая яшчэ не зведала ні штормаў, ні бур. Плыву па ціхіх, але поўных жыцця хвалях. І за гэтае нядоўгае вандраванне пражываю нечае жыццё, узбагачаюся душой, бо знаёмства з кнігай – гэта і знаёмства з самім сабой, з усім наваколлем.
  Кніга… Што гэта за дзівосная рэч? Што змянілася пасля яе з’яўлення ў чалавечым жыцці?
  Кніга – цэлая скарбніца ведаў, выдатных думак, добрых парадаў. Яна вядзе нас па таемных сцежках мінулага, імкліва імчыць у будучыню, вучыць аддана служыць Радзіме, любіць родную зямлю, сваіх бацькоў, вучыць працаваць і сябраваць.
Наша кніга – вечнае святло,
    Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
                     І параўнацца з ёй магло б,
                Відаць, у свеце толькі Сонца. – азначае М.Пазнякоў у вершы “Кніга”.
І сапраўды, кнігу можна параўнаць толькі з сонцам, бо толькі яно можа так шчодра саграваць сэрцы людзей, не выбіраючы з іх, хто дрэнны, а хто добры.
  Усе ведаюць, што кніга – гэта лепшы сябар. Бо гэта яна ў сумныя асеннія вечары ажыўляе пустое сэрца адзінокага чалавека, укладае ў яго душу веру. І ў гэты час кніга самае блізкае і дарагое, што ў чалавека ёсць, бо яна не здрадзіць, не пакіне ў найгоршую хвіліну жыцця, а дапаможа знайсці суцеху. Калі чалавеку дрэнна, калі ён духоўна захварэў, то ён можа звярнуцца да кнігі  і там знайсці адказы на ўсе турбуючыя пытанні.
  У кнізе – пачатак і канец усёй мудрасці, бо толькі праз яе можна спасцігнуць Бога! У кнізе – усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці! У кнізе – “усе лякарствы душэўныя і цялесныя разам знойдзеце!” – так напісана ў прадмове Ф.Скарыны да ўсёй Бібліі. Таму і называў Ф.Скарына кнігу лекамі для душы.
  Я таксама не аднойчы знаходзіла ратунак, выйсце са сваіх праблем у кнізе. І самай дарагой для мяне з іх з’яўляецца Біблія. Яна нібы карта вандруючага, якая дапамагае не заблудзіцца, а знайсці сваю дарогу на Зямлі; посах для паломніка, які прытрымлівае стомленае цела; меч воіна, які абараняе жыццё ў бітвах; свет для хрысціяніна,які акрэслівае святы шлях. У Бібліі знаходзім рай, адчыняем дзверы ў неба, а зямныя, часам пякельныя пакуты, становяцца нястрашнымі.
  Наша беларуская літаратура багатая. У ёй шмат сапраўды вялікіх твораў. Гэта і аповесць В.Быкава “Жураўліны крык”, дзе мы знаёмімся са справядлівасцю, з патрыятызмам, са здрадай, з існаваннем маральных прынцыпаў у людзей і з іх адсутнасцю; і паэма Ф.Багушэвіча “Кепска будзе”, у якой, як у люстэрку, адлюстравалася часам цяжкае становішча людзей у жыцці, яго невымерныя пакуты і няшчасці. А колькі прыгожых і мудрых казак нарадзіла наша зямля. А менавіта яны адыгрываюць вялікую ролю ў развіцці яшчэ маленечкай, але ўжо асаобы.
  У апошнія часы з’яўляюцца альтэрнатывы кнізе: тэлебачанне, інтэрнэт. Але усё ж такі кніга заўсёды ўзнята на п’едыстал гонару ў нашай краіне. І ўсё тое, што звязана з друкаваным словам, выклікае вялікую ўвагу народа. Бо вялікасць, святыню замяніць нічым нельга: яна вечна.
 Кніга – гэта той агеньчык, які сагравае душу ў любую непагадзь і завею жыцця, тая вясёлка, якая размалёўвае ў яркіколер шэрасць дзён. І той шчаслівы, хто зведаў гармонію з кнігай, хто завёў шчыльнае сяброўства з ёй на ўсё сваё жыццё:
 І я жадаю ад душы:
                           Сябруйце ўдзячна з ёй, натхнёна.
                       Разумным, светлым, вечным жыць
                     Што больш каштоўнае сягоння?
М.Пазнякоў





Комментариев нет:

Отправить комментарий