Біблія - дзівосная рака

О Біблія! Новы падвышаны свет!
О Біблія! Віфлеем, Назарэт.
Спяшай, карабель белабокі, туды,
Дзе веры Хрыстовай квітнеюць сады!
Стаю. Не прысяду. Чакаю. Не сплю.
І тую краіну, як дом свой, люблю.
Плыве карабель у Святую Зямлю,
Хрыстос асвятляе шлях караблю.

Трымаю ў руках Біблію. Гэта кніга вядома мне яшчэ з маленства. Але кожны раз, разгарнуўшы яе, трапляю ў незвычайны, поўны дзівосаў свет, у хуткаплынную раку мудрага Божага слова. І плыву па гэтай рацэ ў маленькай лодачцы, якая яшчэ не зведала ні штормаў, ні бур. Плыву па ціхіх, але поўных жыцця хвалях. І ў час гэтых вандраванняў знаёмлюся з галоўнымі жыццёвымі законамі, з ісцінай, што ёсць Дабро і што ёсць Зло. І разумею: Біблія - дзівосная рака радасці і ачышчэння.
Усякае Слова, Богам натхнёнае,-карысна! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае.
“Няхай будзе божы чалавек дасканалы і скіраваны на ўсякую добрую справу!”- так піша святы апостал Павел. Менавіта дзеля нашага навучання, духоўнага і цялеснага выпраўлення існуюць Свяшчэнныя Пісанні.
 Біблія - гэта цэлы зборнік, які змяшчае ў сабе каля 70 кніг. Сама назва “Біблія”- грэчаскага паходжання і ў перакладзе азначае “кнігі”. І ўсё ж невыпадкова людзі гавораць пра Біблію як пра адну кнігу, бо пісалася яна на працягу чатырнаццаці стагоддзяў – з 13 ст. да н.э. Аўтарамі яе былі больш за 40 чалавек: цары, сяляне, рыбакі, лекары, святары.
 І тым не менш кожнага ўдумлівага чытача Біблія здзіўляе сваім ідэйным адзінствам: усе яе кнігі сведчаць пра Бога, Творцу Сусвету, правасуднага і міласэрнага да людзей. Гэта кніга напісана выбранымі Богам людзьмі па натхненню Святога Духа, таму яе называюць яшчэ Свяшчэнным Пісаннем.
Біблія складаецца з дзвюх частак: Старога і Новага запаветаў. Слова “запавет” у Бібліі мае значэнне “саюз”, “дагавор”. Першы саюз быў заключаны яшчэ ў раі паміж Богам і першымі людзьмі — Адамам і Евай. У Стары Запавет, напісаны прарокамі на старажытнаяўрэйскай і часткова арамейскай мовах да нараджэння Хрыста, уваходзяць 40 кніг; імі карыстаюцца прыхільнікі іудаізму (пераважна яўрэі ). Новы Запавет уключае 27 (каля 30: колькасць залежыць ад характару веравызнання) кніг, напісаных першапачаткова на старажытнагрэчаскай мове. У кнігах Новага Запавету апавядаецца аб нараджэнні, жыцці, смерці і ўваскрасенні Ісуса Хрыста. Ім кіруюцца прыхільнікі хрысціянскага веравызнання (каталікі, праваслаўныя, пратэстанты). Яны ж адначасова прызнаюць і Стары Запавет і выкарыстоўваюць яго таксама ў сваіх рэлігійных мэтах.
Новы Запавет, стаўшы асновай хрысціянскага веравучэння, аб’ядноўвае 4 Евангеллі (г. зн. дабравесці аб жыцці і вучэнні Хрыста) - ад Матфея, Марка, Лукі, Іаана. Адкрыццё Іаана Багаслова, або Апакаліпсіс, - заключная кніга Новага Запавету, якая змяшчае шэраг прарочых відзенняў, што апавядаюць пра канец свету.
На стараславянскую мову Біблія была перакладзена ў другой палове 9 ст. святымі братамі Кірылам і Мяфодзіем.
У пачатку 16 ст. друкаваныя біблейскія кнігі з’явіліся на Беларусі, дзякуючы асветніку і першадрукару Францыску Скарыне, які пераклаў Біблію, наблізіўшы царкоўнаславянскі тэкст да жывой беларускай мовы. У 1517 у Празе надрукавана першая кніга “Псалтыр”, потым з 1517 па 1519-ы выдадзены 23 кнігі Бібліі, затым у Вільні ў 1522г. выходзіць з друкарскага станка “Малая падарожная кніжка” і “Апостал” у 1525г. Ф. Скарына выдаў біблейскія кнігі са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі.
Заўсёды, калі звяртаешся да Бібліі, знойдзеш у ёй адказы на ўсе турбуючыя пытанні. Яна ратунак ад  праблем, суцяшэнне ад  крыўды і моц, каб змагацца за справядлівасць у свеце.
Біблія- карта для вандруючага, якая дапамагае не заблудзіцца, а знайсці сябе на вялікай планеце; посах для паломніка, які падтрымлівае стомленае цела; меч воіна, які абараняе жыццё ў бітве са злом; свет хрысціяніна, што ўказвае шлях да ісціны. У Бібліі чалавек знаходзіць рай, перад ім расчыняюцца вароты нябесныя, а зямное жыццё, напоўненае часам пякельнымі пакутамі, мы прымаем як падарунак  Бога.
У Бібліі змешчаны галоўныя жыццёвыя законы, поўныя дабрыні, святла і справядлівасці. Самымі важнымі з іх з’яўляюцца дзесяць запаведзей, прытрымлівацца якіх неабходна кожнаму чалавеку.
Памятаю, яшчэ ў маленстве матуля вучыла: “Дачушка, калі жадаеш быць шчаслівай, запомні адно залатое правіла: адносся да людзей так, як бы хацела, каб да цябе ставіліся іншыя. Памятай прыказкі: што пасееш, тое і пажнеш; не рый яму іншаму, бо ў яе  ўпадзеш. А ўвогуле, сонейка, жыві згодна дзесяці запаведзям.” Я іх і зараз добра памятаю:
1.Хай не будзе ў цябе іншых багоў перад тварам Маім.
2. Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе зверху і што на зямлі знізу, і што ў вадзе, ніжэй зямлі, не пакланяйся ім і не служы ім, бо я Гасподзь твой, Бог твой.
3.Не вымаўляй імені Госпада Бога твайго без патрэбы.
4.6 дзён працуй, а ў 7-ы суботні дзень адпачывай, бо 6 дзён ствараў Бог зямлю і неба і іншае, а 7-ы адпачываў.
5. Паважай бацьку і маці, каб працягваліся дні твае на зямлі.
6. Не забівай.
7. Не прылюбадзейнічай.
8. Не крадзі.
9.Не вымаўляй ілжывага абвінавачвання на бліжняга.
10. Не жадай хаты бліжняга, не жадай жонкі бліжняга, ні яго маёмасці- нічога бліжняга твайго.
Гэтыя запаведзі сёння акрэсліваюць мой шлях ў жыцці.
“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, шчаслівыя міратворцы, каго гоняць за праўду; бо ў іх ёсць Царства Нябеснае”, – напісана ў Новым Запавеце.
Францыск Скарына ў прадмове да ўсёй Бібліі адзначае: “Біблія – дзівосная рака! Яна бывае мелкай, і нават авечка можа перайсці! Але адначасова і глыбокай, калі і слон змушаны плысці цераз яе. У гэтай кнізе- пачатак і канец усёй існуючай мудрасці, бо толькі праз яе можна спасцігнуць Богаўстрымальніка! У гэтай кнізе- усе лекі душэўныя і цялесныя разам знойдзеце!”
Біблія - скарбонка, поўная духоўных багаццяў, райскі сад божай славы. І чалавек, калі ўвойдзе ў гэты сад, прыслухоўваючыся да шолаху лісточкаў кожнага дрэўца, атрымае ісціну, паходню, якая будзе ўказваць шлях да чыстага, светлага і вечнага.
Біблія - дзівосная рака з празрыстай святой вадой. Яна дорыць ачышчэнне кожнаму, хто падыдзе да яе, злучаючы, нібы мост, сэрца чалавека і Бога.
Марыў калісьці славуты Скарына,
“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў,
Простаму люду ў роднай краіне
Зробяць даступнай ёй мудрасць вякоў.
Верш “Мара Скарыны” Н. Гілевіч




Комментариев нет:

Отправить комментарий