Як рыхтавацца да вуснага выказвання

Рэкамендацыі
1. Знаёмства з агульнымі патрабаваннямі да вуснага  выказвання, яго структурай.
        Вуснае выказванне – від  працы творчага характару, блізкі па сваіх канонах да сачынення-разважання і эсэ. На адну з прапанаваных тэм неабходна даць разгорнуты адказ з выяўленнем набытых ведаў, выхаванасці,  узроставых асаблівасцей і жыццёвага вопыту.
       Важна пазнаёміцца з ўзорам вуснага выказвання.  У якасці прыкладу можа быць скарыстаны аўдыё- ці відэазапіс ці арыгінальнае выступленне старэйшых школьнікаў, што мелі вопыт  удзелу ў алімпіядзе. Важна пазнаёміцца і з друкаваным варыянтам выказвання, вызначыць  у ім  такія структурныя кампаненты, як уступ, асноўная частка, заключэнне, абазначыць іх суадносны аб’ём.

2. Знаёмства з крытэрыямі ацэнкі вуснага выказвання.
        У дадзеным выпадку неабходна звярнуць увагу  на тыя важныя моманты як у змястоўным напаўненні, так і ў фармальным выяўленні вуснага выказвання, ацэнка якіх прапісана ў распрацаваных і зацверджаных спецыялістамі   крытэрыях. Важна звярнуць увагу на асобныя палажэнні крытэрыяў ацэнкі, такія, як адпаведнасць выказвання абранай тэме, лагічнасць і будова выказвання, культура маўлення, дасканаласць прамаўлення. Можна прадэманстраваць характэрныя памылкі на прыкладзе канкрэтнай вуснай прамовы. На дадзеным этапе неабходна звярнуць увагу на правільнае разуменне тэмы вуснага выказвання, на адэкватнае яе раскрыццё.

 3. Засваенне тэарэтычнага матэрыялу.
         Вуснае выказванне – гэта імправізаваная прамова. Каб зрабіць яе   яркай, запамінальнай,  неабходна валодаць канкрэтнай інфармацыяй па належным афармленні ўступа, асноўнай часткі, заключэння і іншых яе паказальных момантах. Пры гэтым можна парэкамендаваць вучням  распрацаваныя навукоўцамі віды і формы выяўлення названых структурных кампанентаў прамовы

4. Арганізацыя працы  па набыцці практычных навыкаў у  стварэнні прамовы, вуснага выказвання.
         На дадзеным этапе прапануецца замацаванне тэарэтычных ведаў. Для гэтага неабходна выконваць  заданні па стварэнні  арыгінальнага, адпаведнага тэме ўступу, выбіраць належную кампазіцыйную будову для прапанаванай для працы тэмы, прадумваць варыянты заключнай часткі вуснага выказвання па канкрэтна зададзеных тэмах.

5.  Праца з тэмамі вусных выказванняў.
    Загадзя стварыць  некалькі “хатніх” нарыхтовак па тэмах вусных выказванняў, якія могуць быць прапанаваны на алімпіядзе. 
  Важна правільна зразумець прапанаваную тэму, выбраць адпаведную ёй ідэйную пазіцыю, падабраць неабходныя аргументы для яе раскрыцця. Вучні павінны ўмець бачыць і выяўляць праблемныя напрамкі ў знешне блізкіх тэмах, выкарыстоўваць карэктна і прадумана вядомы ім матэрыял.  Магчыма падрыхтоўка вучнямі так званых “хатніх” нарыхтовак, інфармацыя з якіх можа быць скарыстана ў непасрэдным конкурсным выступленні.  

6. Набыццё навыкаў па арганізацыі працы пры падрыхтоўцы вуснага выказвання на алімпіядзе.
         Важнасць гэтага этапу працы тлумачыцца тым, што практыка стварэння імправізаванай прамовы ў вучняў амаль адсутнічае. Важна надзяляць увагу пытанню культуры вуснага выступлення. 
       Падрыхтоўку вуснага выказвання па зададзеных на алімпіядзе тэмах  рэкамендуецца праводзіць у  наступнай паслядоўнасці:
-   выбар тэмы;
-   вызначэнне мэты прамовы;
- фармулёўка  і запіс асноўнай ідэі свайго вуснага выказвання;
- складанне плана прамовы, выбар яе кампазіцыі і аргументаў;
-   шліфоўка і карэкцыя  выступлення, запіс найбольш важных фраз, імён, датаў, цытат.
        Падобная планамерная дзейнасць, як сведчыць ужо набыты вопыт, дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць час, пазбегнуць непажаданых недакладнасцей  у форме і змесце выступлення, зрабіць яго кампактным, яркім, запамінальным.
        Набыты навык  па складанні прамовы можа быць  прыдатным і для іншых відаў дзейнасці вучняў як у час  школьнага навучання, так і ў іншых момантах.


Комментариев нет:

Отправить комментарий