Беларускамоўныя газеты і часопісы

Грымі ж, мая дуда,
Звіні на цэлы свет,
У кожнае жытло
Ідзі з гарачым словам,
Жыве твая хада,
Як бацькаў запавет,
Дзе вольнасці крыло
І матчыная мова.
С. Сокалаў-Воюш
“Маналог
Францішка Багушэвіча”
Ва ўсе часы існавалі людзі, якія знаёмілі чалавецтва з найбольш актуальнымі праблемамі жыцця грамадства. З антычнай міфалогіі вядомы веснікі багоў, якія паведамлялі людзям волю Усявышняга. Пазней з’явіліся такія інфарматары і на Зямлі. Ганцы разносілі загады цароў, князёў. Бывала, заганялі да смерці некалькі коней, каб даставіць важную вестку. Часта гінулі ці ад рукі ворага, ці за дрэнныя навіны па загадзе цара. І ў лясным царстве здаўна існуе свой разносчык навін—гэта ўсім знаёмая сарока-белабока, першая пляткарка і вароўка. Магчыма, такую славу яна прыдбала праз моцную любоў да ўсяго бліскучага. Чаго толькі не знойдзеш у яе гняздзе: пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты, лыжкі…
 Сёння праваднікамі інфармацыі з’яўляюцца журналісты, якія ўздзейнічаюць на публіку праз сродкі масавай інфармацыі: радыё, тэлебачанне, газеты і часопісы.
Публіцыстычныя выданні з’явіліся ў Беларусі параўнальна нядаўна, нягледзячы на тое, што кнігадрукаванне ўзнікла яшчэ ў 16 стагоддзі. Першай лічыцца нелегальная газета “Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага, або Яські, гаспадара з-пад Вільні (псеўданім К.Каліноўскага). Выходзіла з 1862г. Убачылі свет толькі 7 нумароў, апошні быў канфіскаваны яшчэ ў друкарні.  
   Звернемся да гісторыі беларускай легальнай прэсы. У 1905 годзе быў прыняты закон аб свабодзе друку, які дазваляў друкаваць творы беларускай літаратуры і пераклады на беларускую мову з іншых моў. А з 1906 года ў Вільні выдаецца спачатку газета “Наша доля”, праіснавала 3 месяцы. З выдадзеных 6 нумароў 4 былі забаронены паліцыяй, а 7-ы знішчылі ў наборы, затым “Наша ніва” выходзіла да 1915г.
 У пачатку 20ст. з’явіліся на беларускай  мове часопісы “Лучынка”, “Саха”, “Крапіва”, літаратурны альманах “Маладая Беларусь”. 
Зараз існуе тоўсты каталог, у якім толькі пералічаны перыядычныя выданні рознага прызначэння: ад раённых да рэспубліканскіх, ад навуковых да дзіцячых. Дарэчы, этымалогія слоў “перыёдыка”—асвятляецца пэўны перыяд; часопіс—апісанне адрэзку часу гаворыць сама за сябе.
 Нядаўна ехала ў электрычцы да бабулі. Тут, як заўсёды, заходзіць у вагон газетчык-гандляр. Запыталася ў яго пра беларускамоўныя часопісы і газеты. Але сярод шматлікіх з каляровымі вокладкамі часопісаў не знайшла ніводнага на беларускай мове. Здзівілі мяне і ўсмешка гандляра, і незразумелыя позіркі пасажыраў. Вельмі мала на роднай мове газет, часопісаў знойдзеш і ў звычайным кіёску “Белсаюздруку”.  Чаму ж мы, беларусы, маючы такую багатую і каларытную  мову, амаль не карыстаемся ёй?
Помніце ўсе: калі вы зневажаеце
І абражаеце мову народа,—
Вы не Яе—вы сябе прыніжаеце,
Нізкая ваша з вас лезе парода.
Раней газета “ЛіМ”, у якой асвятляюцца актуальныя пытанні літаратуры, тэатра і мастацтва, ляжала ў кожным газетным кіёску, а зараз набыць яе можна толькі па паштовай падпісцы. Але ж засталіся  людзі, што займаюцца выдавецтвам “нашых”, беларускамоўных часопісаў і газет. Выдаюцца рэспубліканскія газеты “Звязда”, “Рэспубліка”, прафесійная “Настаўніцкая газета”, “Раніца”—газета для юнацтва, у ёй друкуюцца творы юнкораў; сталічная “Вячэрні Мінск”; абласная “Мінская праўда”; раённая “Прысталічча”.  Рэдкія з іх друкуюцца толькі па-беларуску. Гэта “Звязда” і “Настаўніцкая газета”. У астатніх можна часта сустрэць артыкулы на рускай мове.
Маёй любімай газетай з’яўляецца “Прысталічча”, бо ў ёй часта можна сустрэць допісы з фотаздымкамі пра знаёмых людзей: медыкаў, настаўнікаў, вучняў школы і нават самой стаць гераіняй гэтай газеты. Цікава чытаць літаратурную старонку “Ручайкі”, на якой нярэдка змяшчаюцца вершы маёй настаўніцы Шырко Таццяны Васільеўны і яе вучняў, пачынаючых паэтаў.
Яшчэ з маленства памятаю дзіцячы часопіс “Вясёлка”, бо ў ім можна прачытаць розныя вершы, казкі, забаўлянкі-гульні, цікавыя жарты, скарагаворкі, крыжаванкі і многае іншае. Уражвае яркім афармленнем.             Вельмі любяць гэты часопіс вучні нашай школы, юныя паэты і празаікі, бо, як правіла, на Новы год за лепшыя творы атрымліваюць шыкоўныя падарункі: лялек і мяккія цацкі – ад галоўнага персанажа часопіса Васі Вясёлкіна.
 На думку маёй матулі, раней любімым часопісам дарослых быў сатырычна-гумарыстычны часопіс “Вожык”. У ім змяшчаліся анекдоты, пераважна пра сямейнае жыццё, гумарэскі, байкі, жарты, смешныя замалёўкі і інш. На жаль, яго ўжо няма, таму мне цяжка сказаць, які беларускамоўны часопіс сярод дарослых найбольш чытальны сёння.
Працуем, а нас не чытаюць амаль,
Жартуем, а людзям чамусьці нясмешна.
Скардзіцца П. Панчанка ў вершы “Творчасць”
Мне вядомы 2 літаратурныя часопісы— “Маладосць”, вядома ж, для маладых паэтаў і “Полымя” для вядомых пісьменнікаў.
Для алімпіяднікаў самым каштоўным з’яўляецца “Роднае слова”, рэдактарам якога  быў Куліковіч Ул. І. На старонках часопіса дзеляцца вопытам, арыгінальнымі, ідэямі і цікавымі знаходкамі самыя дасведчаныя педагогі краіны.
“Роднае слова” называюць сапраўднай энцыклапедыяй, бо на яго старонках прадстаўлены матэрыялы з розных галін навукі: філалогіі, культуралогіі, мастацтвазнаўства, педагогікі. Са студзеня 2009 года ў часопісе друкуюцца матэрыялы аб новым беларускім правапісе. Закон РБ ад 23 ліпеня 2008 года “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з 1 верасня 2010г. уступіў у сілу.
Мне ж асабліва падабаецца выконваць комплексныя работы з розных тураў алімпіяды. Важна ведаць і прыкладныя тэмы вусных выказванняў. Там жа можна адшукаць і цікавую інфармацыю для вусных выказванняў.  
А сваё выступленне хочацца закончыць казкай У. Дубоўкі “Праўдзівы хлопчык”.
Жыў на свеце адзінокі мудрэц. Надакучыла яму адзінота. Амаль у кожнага з аднавяскоўцаў было шасцёра ці сямёра дзяцей, таму і вырашыў ён аднаго ўсынавіць. Аб’явіў конкурс. Многія бацькі хацелі бачыць сваё дзіця такім жа мудрым, таму прыйшло больш за 200 чалавек. Мудрэц даў кожнаму юнаку па зярнятку і загадаў вырасціць за пэўны прамежак часу самую прыгожую кветку. У прызначаны дзень прынеслі хлопцы вазоны з дзівоснымі, экзатычнымі кветкамі, сярод якіх складана было вызначыць найпрыгажэйшую. Але мудрэц чамусьці звярнуўся да юнака з пустым вазонам:
-         А ты чаму не вырасціў кветку?
І пачуў у адказ:
- Пасадзіўшы зернейка, старанна паліваў, але расліна так і не ўзышла.
- Вось мой сын, ён адзіны сказаў праўду. Астатнія схлусілі, бо са  сваіх зярнятак вырасцілі кветкі. Мае не маглі даць жыццё расліне.
Сучасных журналістаў таксама можна падзяліць на 2 катэгорыі: веснікаў багоў, якія ахвяруючы жыццём, лезуць у самыя эпіцэнтры трагічных падзей; і сарок-белабок, што на хвасце прыносяць плёткі. Каго сёння больш? На маю думку, сярод журналістаў беларускамоўнай перыёдыкі сарокі наўрад ці знойдуцца, бо не дазволіць званне беларуса-патрыёта.
    



Комментариев нет:

Отправить комментарий