Беларусь - краіна высокіх тэхналогій

Сваё выступленне мне хочацца пачаць з прытчы.
Пяшчотна звярнулася цёплае Лета да дрэў:  
– Я арандую гэты цудоўны лес на тры месяцы… Плачу наяўнымі! Колькі з мяне?
– Дорага возьмем,-адказалі Лету Дрэвы.
       Дробязі! У мяне грошай куры не клююць,-адмахнулася Лета і дастала з кішэні пачак зелені.
З кожным дрэўцам, з кожным кусцікам, нават з самай тонкай галінкай Лета расплацілася шчодра, увесь лес засыпала зялёнымі лісточкамі, і стала ў ім гаспадынькай на цэлыя тры месяцы.
Затым прыйшла ў лес Восень.
– Хачу пажыць тут нейкі час. Шмат з мяне?
– А чым заплаціш?
       Вядома ж, золатам! І ніколькі не шкадуючы, адарыла золатам Дрэвы.
Нечакана з’явілася Зіма.
       Мне падабаецца гэты лес, я тут пасялюся месяцы на тры. Колькі
вы за яго бралі?—звярнулася Зіма да Дрэў.—Дык я заплачу ў дзесяць разоў больш! І шчодраю рукою стала рассыпаць срэбра і алмазы, пакуль не аздобіла лес каштоўнасцямі, зіхатлівымі дыяментамі.
Настаў час, калі ўсе дары Зімы, снежнай каралевы, як гэта часта бывае з багаццем, уцяклі вадой.
У лес прыйшла Вясна. У яе не было чым расплаціцца. Але   дрэўцы, каб парадаваць прынцэсу, упрыгожыліся самі пушыстымі завушніцамі, ці крыштальнымі вісюлькамі. Перад Вясной у адно імгненне разгарнуўся дзівосны  дыван з пралесак і аксамітнай травы, бо лес  прыгажуню чакаў  як сапраўднага  сябра, а не  арандатара. Несла ўсім Вясна каханне, цудадзейную сілу жыцця, абнаўленне…
Вось такім абнаўленнем, такою Вясной і з’яўляюцца сёння высокія тэхналогіі, якія прыйшлі ў жыццё краіны.
  У наш час усё больш увагі надаецца таму, які эфект аказвае развіццё тэхналогій на свет у цэлым. Новыя распрацоўкі закранаюць усе сферы жыцця. З кожным днём назіраем не проста стабільнае ўзнікненне новых тэхналогій, але і з’яўляемся сведкамі таго, як тэхнічны прагрэс ідзе наперад сямімільнымі крокамі.
Некаторыя людзі незадаволены хуткім удасканаленнем электронных прылад, бо лічаць, што грамадства стала занадта складаным. Іншыя, наадварот, імкнуцца ісці ў нагу з часам, чакаюць новых распрацовак і крытыкуюць людзей-кансерватараў.
Але ж новыя дасягненні намнога спрашчаюць быт. Зараз кожнаму з нас цяжка ўявіць сваё жыццё без добрых памочнікаў: халадзільніка, пральнай машыны, тэлевізара, камп’ютара, газавай пліты ці, нарэшце, без любімага жалезнага каня, аўтамабіля. Яны заўжды гатовы, бы верныя сябры,  прыйсці на дапамогу,  падставіць сваё трывалае, металічнае плячо, вызваліўшы пры гэтым нашы ручкі і ножкі. А што ж тады казаць пра самалёты, верталёты, караблі і іншыя тэхнічныя сродкі, без якіх не абысціся, калі на шалі пакладзена жыццё чалавека, дзе лёс вырашае кожная секунда.
   Сфера бізнэсу—гэта тое месца, дзе сучасныя тэхналогіі скалынаюць свет. Цяпер нават самае маленькае прадпрыемства, якое мае доступ у Інтэрнэт, здольна прадаваць сваю прадукцыю мільёнам людзей па ўсім свеце. На гэтым кожны прадпрымальнік можа зарабіць добрыя грошы, бо пакупнікам больш не трэба ехаць у вялікую краму, каб купіць неабходны прадукт і па больш таннаму кошту. Куды зручней адшукаць усё ў Інтэрнэце, зрабіць аплату ў любы час сутак у любы дзень тыдня. Так мае бацькі і многія знаёмыя набываюць праз Інтэрнэт бытавую тэхніку. А раней дастаткова праблематычна было замацаваць свае пазіцыі на рынку ў іншым горадзе, тым больш у другой дзяржаве.
Іншым прыкладам таго, як тэхналогіі трасуць увесь свет--гэта выкарыстанне людзьмі па ўсім свеце сотавых тэлефонаў. За апошнія 50 гадоў у тэлефанізацыі краіны адбыліся значныя змены: калі яшчэ ўчора тэлефонныя злучэнні ажыццяўляліся аператарамі, то сёння моладзь з дапамогай мабільнай сувязі бясконца размаўляе, слухае музыку, адпраўляе фатаздымкі, смс-кі, знаёміцца і нават стварае сем’і.    
 Работы Беларусі ў галіне высокіх тэхналогій шырока вядомыя ў свеце. Наша дзяржава сярод краін СНД займае лідыруючыя пазіцыі ў мікраэлектроніцы, новых электронных тэхналогіях, машынабудаванні. А прадукцыя трактарнага і аўтазавода вядома далёка за межамі дзяржавы. Завод “Інтэграл” у вельмі складаных умовах канкурэнцыі з’яўляецца адзіным прапрыемствам у СНД, што павялічвае вытворчасць мікраэлектронных схем. Гэта далёка не ўсім удаецца. А беларускі канцэрн “Планар” на працягу многіх гадоў вызначае тэхналагічны ўзровень усёй электроннай прамысловасці СНД.
Як кажа наш прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, “каб дасягнуць поспехаў у эканоміцы, развіцці краіны, трэба падключыць яшчэ і навуку”. А рухаючай сілай навукі з’яўляецца інтэлект. Таму А.Р. шмат сродкаў выдзяляе на падтрымку і навучанне таленавітай моладзі.
Менавіта ланцужок: разумны, вынаходлівы, працавіты і высокаадукаваны чалавек дасць рост інавацыям, зможа забяспечыць сацыяльна-эканамічны рост краіны. Таму сімвалам маладой, незалежнай Беларусі, увасабленнем самых важных рыс характару беларускага народа, які пакінуў след у гісторыі не як агрэсар, захопнік і тыран, а як працаўнік і стваральнік, з’яўляецца новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў выглядзе алмазу, што лічыцца 8-м цудам свету.  
У сучасных умовах больш актуальная распрацоўка не вырабаў, а тэхналогій. Ад новых энергаашчадных тэхналогій выкарыстання альтэрнатыўных, прыродных крыніц залежыць не толькі эфектыўнасць эканамічнага развіцця краіны, але і яе бяспека. Чарнобыль зрабіў сваю справу: паказаў рэальнасць пагрозы знішчэння ўсяго жывога на зямлі, такім чынам, падштурхнуўшы чалавека да пошукаў новых шляхоў вырашэння праблем. І акцэнт зараз робіцца на выкарыстанні бяспечнай для прыроды энергіі, як, напрыклад, ветраэнергетычная ўстаноўка на беразе Нарачы ці 1 з  гідраэлектрастанцый на Аўгустоўскім канале. Плануецца яшчэ развіццё малых ГЭС на рэках Беларусі, каб не толькі забяспечыць неабходнай айчыннай электраэнергіяй дзяржаву, але і выйсці на міжнародны рынак. Для гэтага на энергаблоках Бярозаўскай ГРЭС, Гродзенскай, Мазырскай, Мінскай, Брэсцкай, Светлагорскай і другіх ТЭЦ больш правільным і разумным будзе выкарыстанне парагазавых тэхналогій.
Значнасць увядзення інавацыйных тэхналогій разумеюць сёння многія, таму яшчэ ў 2005 годзе было прынята рашэнне спецыяльным дэкрэтам Главы дзяржавы аб стварэнні парка высокіх тэхналогій—беларускага аналага “Сіліконавай даліны”. Мэта стварэння—развіваць у краіне тэхналогіі, якія забяспечаць канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі, павялічыць экспарт інфармацыйных тэхналогій і праграмнага забеспячэння, падштурхне да развіцця новых навуковых напрамкаў—біятэхналогій, нанатэхналогій, геннай інжынерыі і іншых.
Навейшыя беларускія камп’ютары за секунду выконваюць да 2.5 трлн. аперацый, што дазваляе вырашаць самыя складаныя задачы. У праектах маёй Радзімы значыцца і будаўніцтва першай беларускай азонаметрычнай  станцыі ў Антарктыдзе, якая дасць вучоным каштоўны матэрыял аб зменах клімата на еўрапейскім кантыненце і ў Беларусі, дазволіць праводзіць унікальныя геалагічныя і біялагічныя даследванні.
Мяне вельмі ўражвае той факт, што Беларусь, размешчаная далёка ад мора, цяпер занята праблемай стварэння ўласнага марскога параходства, бо ёй прыходзіцца штогод перапраўляць праз мора 17 млн. т. грузаў. Наша прадукцыя адпраўляецца з марскіх портаў Калінінграда, Санкт-Пецярбурга, Мікалаева. А  ў літоўскім марскім порце Клайпеда грузы з Беларусі складаюць каля 25 % яго агульнай загрузкі. Паслугі па размяшчэнні беларускага марскога флоту прапанавалі Літва і Латвія, аднак Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі магчымасць будаўніцтва ў Калінінградскай вобласці, недалёка ад Балтыйска, глыбокаводнага  беларускага марскога порта, што дасць магчымасць павялічыць экспарт беларускіх тавараў марскім шляхам, тым самым зменшыўшы кошт іх транспарціроўкі.         
На мой погляд, высокія тэхналогіі з аднаго боку аблягчаюць жыццё чалавека,  з другога—ствараюць рэальную пагрозу знікнення ўсяго жывога на зямлі. Парніковы эфект, азонавыя дзіркі, кіслотныя дажджы, залішняя радыяцыя ў атмасферы, празмерная хімізацыя глебы і грунтоўных вод, забруджванне выхлапнымі газамі паветра—усё гэта амаль  не пакідае нам шанцаў на выжыванне. Які жывы арганізм можа вытрымаць штодзённае атручванне  прадуктамі, вадой, паветрам?
Але якім каштоўнасцям раўня—
Паветра, чым мы дыхаем штодня?
Звяры і людзі, дрэвы і кусты,
Мы ўміг загінем, калі знікнеш ты.
П. Макаль
Таму будучае Беларусі бачу ў развіцці тэхналогій, звязаных з выкарыстаннем вечных прыродных крыніц энергіі: сонца, ветру, вады… Бо яшчэ ніводны  чалавек на планеце не змог пераўзысці розумам творчага генію Бога, які так гарманічна стварыў Сусвет, дзе кожны прыродны элемент выконвае сваю функцыю, ад знікнення адной часцінкі залежыць знішчэнне сістэмы. Як Лета дорыць зямлі сонечную энергію, упрыгожвае  зеленню і краскамі, Восень аздабляе золатам, Зіма—срэбрам і алмазамі, так і новыя тэхналогіі павінны гарманічна ўплятацца ў прыродныя цыклы, не парушаючы іх. Толькі тады чалавека, як і Вясну, Зямля-маці будзе прымаць як сына, а не арандатара.
Не трэба жыць як набяжыць,
Так жыць на свеце трэба,
Каб да апошніх дзён любіць
Людзей, зямлю і неба.

А. Грачанікаў

Комментариев нет:

Отправить комментарий