Аграгарадок - гэта...

Пачаць сваё выступленне мне хочацца з прытчы.
Жыў у адной вёсцы мудрэц, да якога за дапамогай і парадай з’язджаліся людзі з усіх канцоў свету. У яго двары заўсёды было людна. І слава аб ім, нібы кругі па вадзе, разыходзілася ўсё далей і далей.  У суседняй вёсцы жыў другі мудрэц, але чамусьці да яго ніхто ніколі не звяртаўся за дапамогай і парадай. І аднойчы пасялілася ў яго душы чорная зайздрасць. Вырашыў ён, прынізіўшы, вывесці на чыстую ваду, на яго думку, канкурэнта-шарлатана перад іншымі людзьмі. Задумаў злавіць матылька, заціснуць яго ў кулак, прыйсці да славутага мудраца ў двор і пры вялікім натоўпе людзей задаць толькі адно пытанне: “Жывы матыль у руцэ ці мёртвы? Калі ён адкажа: жывы, я сцісну кулак і пакажу ўсім, што ён мёртвы. Калі ж пачую адказ: мёртвы— раскрыю далонь— ён узляціць, і ўсе ўбачаць, што жывы. Людзі ўпэўняцца ў яго нізкіх разумовых вартасцях і стануць звяртацца за дапамогай да мяне”. Абдумаўшы чорную справу, пайшоў да мудраца. У двары, як заўсёды, было мноства людзей. Выцягнуўшы наперад руку з  матылём у кулаку, гучна спытаў:
—Калі ты вялікі мудрэц, адкажы на пытанне: жывы ў руцэ матыль ці мёртвы?
—Усё ў тваіх руках,—ціха прагучаў кароткі адказ.
Вось і атрымліваецца: усё ў нашых руках. Захочам працаваць на зямлі, жыць на прыродзе,  ласавацца яе дарамі (грыбамі, ягадамі, арэхамі), дыхаць чыстым паветрам, купацца ў прыродных вадаёмах, дзе жывуць нават ракі, пры гэтым карыстаючыся ў дамах усімі дасягненнямі гарадской цывілізацыі (цэнтральным атапленнем, газазабеспячэннем, цёплай і гарачай вадой, тэлефонам і іншым )—трэба будаваць аграгарадкі.       
    Гэта невялікія пасёлкі ў сельскай мясцовасці Беларусі, падобныя на вялікія мурашнікі ці пчаліныя вулеі, з насельніцтвам менш за 1000 чалавек, высокаарганізаваным ладам жыцця, дзе, быццам у мурашніку, кожны працаўнік адказвае перад калектывам за сваю справу, у адрозненні ад гараджаніна мае прысядзібны надзел зямлі для вырошчвання агародніны і садавіны. Ад вёскі ж адрозніваецца вуліцамі з асфальтавым пакрыццём дарогі,  наяўнасцю культурных устаноў для адпачынку: клубаў, кінатэатраў, палацаў моладзі з шырокай сеткай гурткоў па інтарэсах ці спартыўных залаў. Таксама там жа павінна знаходзіцца паліклініка, крамы, музычная школа, іншыя ўстановы адукацыі, каб кожны мог развіваць свае творчыя задаткі і атрымаць глыбокія веды.
Тэрмін “аграгарадок” з’явіўся ў Беларусі з прыняццем “Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сёл на 2005-2010 гады”.
Зразумела, што вёска корміць усю краіну, хоць жыццё там далёка не лёгкае, бо звязана з пастаяннай фізічнай працай, а зарплата невысокая, да таго ж адсутнічаюць элементарныя санітарныя ўмовы для камфортнага пражывання, таму моладзі больш даспадобы прыйшоўся горад.
Урбанізацыя насельніцтва зрабіла сваю справу. Вёскі з кожным годам пусцеюць, многія навечна зніклі з твару зямлі. А ў тых, якія засталіся, адбываецца поўная дэградацыя моладзі, бо юнакі і дзяўчаты, пазбаўленыя магчымасці рэалізацыі сябе як асобы, не маючы неабходных умоў для правядзення вольнага часу, вымушаны душыць сябе зялёным змеем, губляючы будучыню ці надзею на шчасце. Па гэтай прычыне ўзнікла неабходнасць адраджэння сяла, бо хутка не застанецца хлебаробаў, жывёлаводаў, знікнуць фермы…
Кіраўніцтва краіны вырашыла ратаваць сяло. Якія толькі спосабы не спрабавалі! Спачатку калгасы і саўгасы рэспублікі запрашалі гараджан на працу ў сельскую мясцовасць,  абяцаючы бясплатнае рашэнне жыллёвай праблемы, што, згадзіцеся, вельмі прывабная прапанова, асабліва для чалавека, які з году ў год туляецца па інтэрнатах, не маючы надзеі на атрыманне жылля. Потым Прэзідэнт загадаў вывезці з Мінска ўсіх беспрытульных у вёску, забяспечыць жыллём і працай, такім чынам, здымалася і другая праблема па ачыстцы г. Мінска ад беспрытульных, якія харчаваліся на сметніках.
 Сельскія гаспадаркі вельмі хораша прынялі людзей: усе былі забяспечаны кватэрамі і працай. Але навасёлы нядоўга любаваліся вясковай ідыліяй: у хуткім часе перасталі хадзіць на працу, не плацілі за камунальныя ўмовы, пайшлі красці… Кіраўніцтва вёскі схапілася за галаву! Толькі праблема вырашалася проста, бо месяцы праз 3 палова прыезджых вярнулася назад у Мінск, да больш звыклай кармушкі-сметніцы.  
Вёсцы ж патрэбны быў сапраўдны гаспадар, які любіць зямлю, умее на ёй працаваць. Да таго ж, многія наваспечаныя гараджане ў старасці ўсё роўна вяртаюцца ў наседжаныя гнёзды, бацькоўскія хаты, бо так і не змаглі прывыкнуць да гарадскога шуму, забруджанага паветра і адсутнасці добрасуседскіх ўзаемаадносін: у вёсцы ж усе адзін аднаго ведаюць, а ў горадзе ты чужы нават для тых, з кім жывеш у адным пад’ездзе. Палохае вясковую моладзь толькі адсутнасць тых умоў, якімі вабіць горад.
Аграгарадкі ж лёгка вырашаюць гэту праблему, бо ўяўляюць сабой добраўпарадкаваныя ва ўсіх адносінах паселішчы. Іх колькасць раўнамерна размеркавана па рэгіёнах рэспублікі.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.
Я. Янішчыц
Яны ствараюцца на аснове існуючых буйных пасёлкаў для таго, каб жыццё вяскоўцаў не ўступала па камфорту гарадскому, каб у людзей была матывацыя жыць і працаваць у сельскай мясцовасці, а не ляцець на край свету ў пошуках міфічнай сіняй птушкі шчасця.
Напрыклад, усім вядома па раману У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” мястэчка Гальшаны (сучасная назва вёскі). Адтуль моладзь і не думае нават ні аб якім горадзе, бо многія сем’і стварылі свой уласны сельгасбізнэс: набудавалі на зямельных надзелах зімніх цяпліц з асвятленнем і абагрэвам, вырошчваюць там агуркі, памідоры, салаты, радыску і іншую гародніну і ранняй вясной кормяць сваёй прадукцыяй гараджан, пры гэтым маючы высокія даходы, якія дазваляюць набыць неабходную сельгастэхніку, аўтамабілі, даюць магчымасць модна апранацца моладзі і забяспечваюць высокі ўзровень жыцця. Юнакі і дзяўчаты, моцна стаміўшыся за дзень ад фізічнай працы, бадзёрыя бягуць на дыскатэку ў мясцовы дом культуры, а раніцай з першымі промнямі сонца зноў займаюцца будзённымі справамі. Нават тыя, хто едзе ў горад вучыцца, усё роўна вяртаюцца абавязкова дахаты.
Як бачым, мы самі будаўнікі свайго шчасця. Успомніце, якія  мары былі ў Міхала з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. А сёння  кожны з нас, калі захоча, можа жыць, працаваць  на кавалку ўласнай зямлі, пры гэтым выкарыстоўваючы ўсе дасягненні цывілізацыі, любавацца вясковай прыродай. Дараць нам такую магчымасць аграгарадкі—будучыня Беларусі… І закончыць сваё выступленне хочацца словамі мудраца з прытчы: “Усё ў нашых руках…”
Асушыць— дзе яшчэ забалочана,
Даплаціць—дзе яшчэ недаплочана,
Там прайсці—дзе было недазволена,
І злучыць, што калісьці разлучана,
І апець усё яшчэ неапетае.
Вось такую паставіў мэту я.
С. Дзяргай


Комментариев нет:

Отправить комментарий